РУС БЕЛ ENG

Историко- этнографический музей "Спадчына"

Историко- этнографический музей "СПАДЧЫНА" Белицкой средней школы Лидского района открыл двери 23 декабря 2004 года. Основоположником , идейным вдохновителем музея был первый его руководитель - Заянчковская Софья Антоновна. Благодаря ей, было собрано множество экспонатов, положена основа поисковой деятельности. Продолжила ее труд Валюк Чеслава Иосифовна, которая с энтузиазмом развивает поисковую работу, разрабатывает экскурсии, участвует во многих конкурсах районного, областного и республиканского уровней.

 

Экспазіцыі “Беліца дома і ў свеце вядома” пазнаёмім вас з гісторыяй нашага краю, самым дарагім і цудоўным, бо гэта наша Радзіма. 

Маленькая весачка на карце Беларусі - Беліца...Нават ніхто не згадае той факт, што калісьці яна была большай за Ліду. Назва вескі "Беліца" мае сваю легенду....

       Яшчэ ў глыбокай старажытнасці  гэтыя мясціны былі аблюбаваны людзьмі. Аб гэтым сведчаць мезалітычныя стаянкі, якіх у Беліцы дзве. Яны адносяцца да VII тысячагоддзя да н.э. Тут было ўсё неабходнае для жыцця: вада, лес, дзе палявалі на дзічыну. У двух кіламетрах ад стаянкі, на беразе ракі Моўчадзь, знаходзіліся залежы крэйды з крэмнем, з якога выраблялі каменныя прылады працы. Дабрацца было лёгка на плытах.

           І пазней людзі не пакінулі гэтыя мясціны з прыгожай і мілагучнай назвай Беліца. Аб паходжанні назвы вёскі расказваюць многія легенды. Адна з іх, якую я лічу найбольш прыгожай, апавядае  так. Некалі ў нашых мясцінах жыў багаты пан. Была ў яго прыгажуня дачка Белітэ, якая пакахала мясцовага каваля Залатарэчку. Каханне было вельмі моцным, але пан нават думкі не  дапускаў, што аддасць замуж за халопа адзіную дачку. Хутка ў маёнтак прыехаў будучы жаніх Белітэ. Быў агавораны дзень вяселля. Белітэ была ў смутку, яна не ведала, што можна зрабіць, як перашкодзіць хуткаму вяселлю. У дзень вяселля Белітэ папрасіла ў бацькі дазволу схадзіць на прынёманскі луг, на бераг рэчкі, каб развітацца з такімі любымі сэрцу мясцінамі. Слёзы градам каціліся з вачэй. Дзяўчына рашыла лепш памерці, чым выйсці замуж за нялюбага. У глыбокай роспачы скінула з галавы хусцінку і кінулася ў ваду, хвалі Нёмана закалыхаліся і назаўсёды прынялі яе.

          Тым часам пан хваляваўся, чаму так доўга няма дачкі. Паслаў на пошук сваіх слуг, якія хутка вярнуліся і прынеслі пану хусцінку Белітэ. Аб гэтым даведаўся Залатарэчка. Жыць без любай для яго не мела сэнсу. Ён пакінуў сваю кузню і пайшоў да рэчкі.На працягу не толькі месяцаў, але і гадоў ён хадзіў па беразе рэчкі і ўсё клікаў каханую: “Белітэ, Белітэ, Белітэ!”. Скупыя слёзы капалі з вачэй. У выніку ўзнікла рэчка Залатая. Чужыя людзі празвалі гэта пасяленне Беліца.

Гэта легенда, а гісторыкі маюць іншае меркаванне. Беліца паходзіць ад слова “белы”,  гэта значыць “чысты”, “свабодны”, таму што гэтыя землі не былі заваяваны ні крыжакамі, ні мангола-татарамі.  З коранем слова “бел-” шмат вёсак у Лідскім раёне, а Беліцы ўсяго тры ў Беларусі.

          Упершыню Беліца згадваецца ў  зборніку “З глыбі вякоў”, у якім сказана, што ў 1377 годзе на Беліцкі замак, які знаходзіўся паміж Гародняй і Лідай, напалі татары сілай ў 600 чалавек і асадзілі яго. Беліцкі замак быў акружаны рвом , які быў запоўнены вадой.  Да яго вёў мост, перакінуты праз роў. У замак вяла брама, над якой высілася вежачка, абітая меддзю. На жаль , месцазнаходжанне замка не ўстаноўлена.

          У 1486 г. Беліца згадваецца ў запісной кніжцы Вялікага Князя Літоўскага Казіміра Ягелончыка, як цэнтр Беліцкай вялікакняскай воласці. Ёсць і іншыя дакументы, якія даюць падставу лічыць, што ў XIV ст. Беліца была буйным населеным пунктам. Першым вядомым беліцкім князем быў Юры Гальшанскі, які кіраваў Беліцай у канцы  XV пачатку XVI ст.ст.

         У 1506 г. на ВКЛ напалі крымчакі пад кіраўніцтвам хана Гірэя. У лідскі замак для збору Паспалітага рушання, каб спыніць татараў,  прыехаў цяжкахворы Вялікі князь Аляксандр, але шляхта да месца збору з’яўлялася марудна. Крымчакі перайшлі Нёман, разрабавалі і спалілі мястэчка. Яго абараняць не было каму.

           З 1507 г. беліцкім намеснікам  стаў Юры Ільініч. Вядома, што ўжо ў 1528 г. гаспадаром Беліцы быў Юры Мікалаевіч Радзівіл. Радзівілы правілі Беліцай аж да 1832 г. Беліца згадваецца ў такім важным дакуменце як  “Устава на валокі”.

               Беліца абазначана на карце Макоўскага, выдадзенай у 1613 г. Гэта самая ранняя карта, дзе пазначана наша мястэчка.  На першую палову XVII ст. прыйшліся самыя лепшыя часіны. У Беліцы было 6 вуліц і пражывала каля 2000 насельніцтва. У той час у Лідзе было толькі 4 вуліцы. Беліцкія рамеснікі валодалі многімі рамёствамі, а гандляры гандлявалі нават з Еўропай.

              У час “руска-польскай вайны 1654-1667 гг. “ у 1659 г. каля Беліцы на беразе Нёмана адбылася бітва. Лідскае шляхецкае рушанне цэлы дзень трымала пераправу, але дапамога не падышла. Шляхта вымушана была адступіць, каб перакрыць подступы да Ліды. Казакі Залатарэнкі разрабавалі і спалілі мястэчка. Страты Беліцы былі вялікія. Згарэла большая палавіна жылля.

Гісторыя мястэчка цесна звязана з гісторыяй не толькі сваёй краіны, але і суседніх.  У час Паўночнай вайны, у 1705 г. праз Беліцу праязджаў рускі цар Пётр I. Ён ехаў пад Гародню, дзе былі блакіраваны рускія войскі, а праз год праз Беліцу прайшлі шведскія войскі, рабуючы і палячы ўсё на сваім шляху.

               У 1784 г. праз Беліцу на сойм у Гародню праехаў апошні польскі кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.  На карце “Каралеўства Польскага і ВКЛ”, надрукаванай у  1772 г.,  таксама ўзгадваецца Беліца. За выключэннем Ліды,   гэта адзіны населены пункт сучаснага Лідскага раёна, нанесены на гэтую карту.

У канцы XVIII ст., у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай, нашыя землі аказаліся ў складзе Расіі. Землі Беларусі ўключаюцца ў інфраструктуру расійскай дзяржавы. Па загаду Рускай царыцы Кацярыны II будуюцца дарогі-тракты. У пачатку XIX ст. такі тракт прайшоў праз Беліцу. Для абслугоўвання дарогі  ў 1803 г. у Беліцы адкрываецца паштовае аддзяленне.

               У чэрвені 1812 года, у час нападу Напалеона на Расію, праз наша мястэчка прайшло 80-тысячнае французскае войска Жэрома Банапарта, рабуючы мірнае насельніцтва, а ў снежні гэтага года праз Беліцу адступала,  ужо парадзелае, на Захад. Следам ішло рускае войска. Усё неабходнае войскі рэквізоўвалі (забіралі) у местачкоўцаў.

               Праз Нёман у раёне Беліцы перапраўляліся і прайшлі амаль усе арміі XVIII – XX ст. Магутныя і непераможныя ішлі на Усход; пашарпаныя, разбітыя, абмарожаныя  - на Захад. А колькі вялікіх людзей, калі не пабывалі, то прамільгнулі ля Беліцы.

                У 1813 г. у Беліцы працавала камісарыяцкая камісія, у задачы якой уваходзіла забеспячэнне рэзервовай рускай арміі вайсковымі грузамі і правіянтам. Кіраваў камісіяй бацька вялікага рускага паэта А.С.Пушкіна -  Сяргей Львовіч Пушкін. Крыху пазней тут размяшчаўся штаб Фінляндскага палка.

                 Кацярынінскі тракт  (дарога Гродна - Мінск) стала для многіх дарогай у Сібір на катаргу. Дзесяткі польскіх паўстанцаў былі правезены, прагнаны па гэтай дарозе, таму ў Беліцы была пабудавана этапная (дарожная) турма, дзе ссыльныя і канваіры спыняліся для адпачынку на ноч.   

                Па перапісу насельніцтва 1886 г. у Беліцы налічвалася 100 двароў і 883 жыхары. У мястэчку меліся царква, касцёл, сінагога, тры карчмы і школа. Праводзіліся чатыры кірмашы на працягу года. На пачатку  XX ст. у Беліцы пражывала ўжо 1230 жыхароў, былі ўраднік і стражнік, лячэбны пакой.  

                У XIX ст. беліцкія землі пераходзяць да графіні Трубяцкой, якая на беразе Нёмана пабудавала драўляны палац, які захаваўся да нашых дзён і выкарыстоўваецца як жыллёвы фонд.

                 Перад другой сусветнай вайной у Беліцы пражывала 2100  жыхароў, з іх 700 – яўрэі. Беліца заставалася буйным рамесна-гандлёвым цэнтрам, самым вялікім пасяленнем у Лідскім павеце.

Нашы прабабулі ўмелі пячы хлеб. Хлеб пяклі ў кожнай сям’і,т аму што крамаў, дзе можно было купіць фабрычны хлеб, не было. Хлеб - асноўны прадукт сялянскага жыцця, таму выпечцы яго ўдзялялася вялікая ўвага. У спецыяльнай дзяжы хлеб патрэбна было расчыніць, заквасіць, вымесіць (на гэта патрабавалася некалькі дзён), а затым выпякаць.Для гэтага моцна напальвалі печ, затым яе чыста вымяталі сасновым венікам, на лапату клалі дубовыя ці кляновыя лісты, аер або лісце хрэну, цесту надавалі форму бохана, змочанымі ў вадзе рукамі яго бралі і клалі на лапату, засоўвалі ў печ і памалу ссоўвалі на гарачы под печы разам з лісцем. Калі хлеб быў гатовы, яго даставалі з печы, а з нізу  бохана аставаліся адбіткі лістоў. У кожнай сялянскай хаце быў пячны рыштунак (качэргі,вілы і г.д.),які заховаўся ў кутку ля печы.

Этнаграфічна-гаспадарчая зала нашага музея змяшчае экспазіцыю “Хлеб – усяму га-лава”. Мы сабралі наступныя экспанаты: галоўныя сельскагаспадарчыя прылады працы (плуг, каса, серп, цэп ), дапаможныя прылады: шуфель-веялка,для правейвання збожжа, начоўкі-апалушкі, для правейвання круп, бульбяныя вілы.

 

З наступленнем зімы, калі заканчваліся палявыя работы, жанчыны пачыналі апрацоўваць лён..Спачатку льнотрасту неабходна было высушыць,сцерці. А на такіх шчотках сцертую льнотрасту часалі,затым вычэсвалі яшчэ валасяной шчоткай, і , калі лён станавіўся роўным і шаўкавістым,можна было думаць і аб прадзенні. Прасці звычайна, пачыналі з надыходам піліпаўскага (перадкаляднага)  посту. Доўгімі зімовымі вечарамі,запаліўшы газавую лямпу, жанчыны пралі вычасаны лён на верацяно ці калаўрот. Прасніца, верацяно,калаўрот таксама былі неабходнымі элементамі пасагу.

Жанчыны пралі, а дзяўчынкі ткалі паясы. Пояс суправаджаў чалавека ўсё жыццё. Ім спавівалі немаўля, падпяразвалі кашулю, а калі дзяўчына выходзіла замуж, то ёй патрэбна іх было мець шмат.Маладая паясамі адорвала гасцей мужа на вяселлі,яна павінна была завязаць пояс на венік, абвязаць поясам калодзеж, як бы за тое, што ёй прыйдзецца цяпер з імі часта сустракацца і каб іх задобрыць.Поясам павязвалі  крыж на магіле.

З наступленнем вялікоднага посту, калі дзень станавіўся святлейшым і даўжэйшым, жанчыны пачыналі ткаць. Ад умення жанчыны, ад якасці і колькасці вытканага палатна ці сукна, залежаў дабрабыт сям’і. Вось палатно,вельмі неабходнае для пашыву бялізны,а гэта падшывачная тканіна; вось сукно – для пашыву спадніц ці штаноў; сукно двухбаковаваленае – для вырабу бурносаў, буркаў, курткаў; сукно аднабаковаваленае – таксама для пашыву мужчынскіх штаноў, курткаў-фрэнчаў. Ткалі посцілкі,абрусы,ручнікі.

А вось адзенне нашых продкаў. Куртка-фрэнч, мужчынскае верхняе адзенне, якое насілі ў халаднаваты час года. У холад, непагоду насілі бурносы, а ў зімовую сцюжу паверх кажуха,таму што ён баіцца дажджу і мокрага снегу,надзявалі бурку, якая ў адрозненне ад бурноса мела капюшон і была ўцеплена.

У канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. жанчыны насілі андаракі. Андарак – гэта спадніца спецыяльнага крою.У 20-я – 30-я гады ХХ ст. насілі суконныя спадніцы, якія стараліся па падолу аздобіць спецыяльным упрыгожаннем, так званай шчотачкай. Вельмі цанілася мануфактурная шчотачка, але калі не было такой, то падол спадніцы проста абвязвалі. Замест світэраў, цёплых кофтаў, курткаў нашы далёкія прабабулі насілі такія хусткі. Імі яны ўкрывалі плечы і рукі. А вось гэта хустка служыла як галаўны ўбор і насілася па вялікіх святах.

Вось ткацкія прылады працы: сукала – сукаць цэўкі ў час ткацтва, барташкі – наві-ваць ніткі.

 

У нашых продкаў самым чыстым, ганаровым і святым месцам у хаце быў покуць. Яшчэ яго называлі “чырвоным кутом”. У покуці нашы продкі вешалі абраз,ці нават не-калькі штук. На абраз вешалі ручнік. У кожнай сям’і абразы былі абярэгам. З абразом і ручніком дзяўчына выходзіла замуж.З дня вяселля і да канца жыцця ён павінен быў абярагаць ужо не толькі яе, але і яе сям’ю. Нядзіўна, што вельмі часта абраз перадаваўся ад маці да дачкі, затым да ўнучкі і г.д.

У нашым музеі абраз з выявай божай маці, заступніцы.Ён адносіцца да канца ХІХ стагоддзя. Абрус ільняны, выкананы ў традыцыйна нацыянальным стылі, упрыгожаны вя-занымі льнянымі карункамі, з вышыўкай чырвона-чорнымі ніткамі, з вышытымі ініцыяламі яго ўладальніцы. Белы колер – колер чысціні, чырвоны – жыцця, чорны – смутку. У вязаных устаўках бачым ромбы – сімвал дабрабыту і ўрадлівасці.

У покуце заўсёды стаяў стол – месца збору сям’і. За сталом снедалі, абедалі,  вячэралі. У будзённыя дні стол чыста мылі, каб дошкі былі аж жоўтыя, а ў святочныя яго засціла-лі абрусам. Абрус на стале – таксама работа канца ХІХ ст . Ён ільняны,складаецца з двух палотнішчаў, якія змацаваны вязанай устаўкай, па краях яго аздабляюць зубы. Такі абрус лічыўся вельмі прыгожым і быў элементам прыданага нявесты.

У покуце вакол стала стаялі лаўкі.Гэтая лаўка работы 40-х гадоў, яна пафарбаваная, але раней іх не фарбавалі.

У 30-я гады ХХ ст. у нашай мясцовасці адбываецца працэс хутарызацыі. Хутаране сталі жыць больш заможна.Яны пабудавалі новыя, больш прасторныя хаты, з большымі вокнамі. Стаплі разводзіць пакаёвыя кветкі. Вось падстаўка для вазонаў.

Нашы продкі насілі, у асноўным, ільняное і суконнае адзенне. Ільняную бялізну, посцілкі пасля мыцця заўсёды качалі, каб яна была больш мяккая і роўная, пры дапамозе ка-чалкі і праніка. На крамнае адзенне мелі прас на вуголлях. Неабходна было ў прас з печы накідаць буйных вуголляў, каб прас нагрэўся, а затым прасаваць.

Неабходным дамашнім начыннем была маслабойка,сырніца, гліняныя гладышы і збаны, саганы (для прыгатавання ежы), чарапы (для выпечкі пірагоў,караваяў). А вось драўляная даёнка,у якую даілі малако.Посуд у нашых продкаў быў часцей за ўсё гліняны ці драўляны. Для мыцця былі драўляныя начоўкі,вырабленыя са ствала дрэва.Для замесу цеста на  хлеб ці пірагі таксама былі начоўкі, толькі меншага памеру. У іх часта вылівалі белы аўсяны кісель, які варылі па вялікіх святах: на Каляды ці Вялікдзень, яшчэ меншыя служылі для замесу цеста на макароны,якія былі ў той час вельмі рэдкім ласункам. У цеста для  

макарон дабаўлялі шмат яек, каб яны былі больш цвёрдымі (дрожджы не выкарыстоўва-ліся). Затым цеста, вельмі крутое, качалкай раскачвалася на тонкі вялікі блін. Некалькі такіх бліноў падсыхалі на стале на працягу некалькіх дзён , а затым іх скручвалі ў рулончык і дробна крышылі нажом.

У 20-я – 30-я гады ХХ ст. насілі дзеравянікі (боты на драўлянай падошве), а гэта прылада служыла для зняцця ботаў і называлася “сабачка”. Напэўна таму,што служыла чалавеку.

Будавалі жыллё. Вось піла для разгону драўляных брускоў, а гэта страхара (падстаў-ка) для раўнавання саломы на страсе. А вось пілачка для фігурнай разьбы. У 20-я гады ХХ ст.  сталяры карысталіся драўляным малатком, драўляным цыркулем. Зімовы дзень быў кароткі, таму малацілі збожжа ў гумнах і вечарамі. Для гэтага выкарыстоўвалі ліхтар з газ-нічкай.

Цяжкімі былі сялянскае жыццё і праца.

  

Гісторыя адукацыі ў Беліцы – адна з самых яркіх старонак яе жыцця. Калі тут узніклі першыя навучальныя ўстановы – цяжка сказаць. Вядома, што школа была пры кальвінісцкім зборы ў ХVІ стагоддзі. Таксама ёсць звесткі аб 6-класнай парафіяльнай школе пачатку ХІХ ст.

У 1864 г. у Расійскай дзяржаве, у склад якой уваходзілі землі Беларусі, у выніку буржуазных рэформ было адкрыта народнае вучылішча. Праўда, царскі міністр асветы Шышкоў гаварыў: “Обучать грамоте весь народ  или несоразмерное число одного количества людей, принесло бы больше вреда, чем пользы.” Аднак краіне патрэбны былі адукаваныя людзі. У гэтычас у Лідскім павеце на 1000 чалавек прыходзілася ўсяго 16 граматных мужчын, а жанчын – толькі  2.

У 70-х – 90-х гг. ХІХ ст. у Беліцкай воласці былі адчынены  царкоўна-прыхадскія школы пісьменства амаль ва ўсіх вёсках.

Навучальны год у той час пачынаўся пасля свята Пакроў, у другой палавіне кастрычніка, а заканчваўся вясной, калі патрэбна было выганяць скаціну ў поле, бо вучні былі яшчэ і пастушкамі дамашняй жывёлы. Зімой наведвальнасць заняткаў была нізкай: дзецям часта не было чаго адзець і абуць.

У Беліцкім народным вучылішчы напрыканцы ХІХ ст. налічвалася каля 100 дзяцей. Вядома, што ў 1894 г. вучыліся 72 хлопчыкі і адна дзяўчынка. Як бачна, жаночая адукацыя не карысталася попытам. Дзяўчынкі павінны былі дапамагаць бацькам гадаваць меншых братоў і сясцёр, прасці, ткаць, клапаціцца па гаспадарцы.

У 1921 г. па Рыжскаму міру землі Заходняй Беларусі пераходзяць да Польшчы. У гэтым жа годзе польскія ўлады адкрываюць пачатковую польскую школу, потым яна стала сямігадовай. У калекцыі музея ёсць дакументы    аб заканчэнні сямігадовай польскай школы. У мястэчку была яшчэ пачатковая яўрэйская школа.

Адразу ж пасля выгнання фашысцкіх акупантаў у 1944 г. у Беліцы адкрываецца пачатковая школа. У 1945 – 1946 навучальным годзе ў ёй займаліся180 вучняў. Вельмі многія з іх былі пераросткамі, таму што ў час вайны не мелі магчымасці вучыцца. Першымі настаўнікамі былі ЛАГОНДА Васіль Пятровіч,  ФЕШЧАНКА Марыя Кандрацьеўна, НЯМІРА Надзея Мікалаеўна.

У 1947 г. пачатковая школа была ператворана ў сямігадовую, першы выпуск якой адбыўся ў 1950 г. Першым дырэктарам школы быў  Пушчаенка М.Д.

У 1952 г. пачалося будаўніцтва цаглянай двухпавярховай школы. Вялікую дапамогу ў будаўніцтве новай школы аказвалі бацькі вучняў.

У 1953 г. адбыўся першы выпуск сярэдняй школы: 13 выпускнікоў атрымалі атэстаты сталасці. Будаўніцтва школьнага будынка было завершана ў 1955 г. Гэта быў вялікі, светлы і ўтульны будынак, сапраўдны храм навукі. Многія тагачасныя вучні лічылі за вялікае шчасце вучыцца ў ім. У школе працаваў малады, творчы калектыў настаўнікаў. Сярод іх УРБАН Канстанцін Міхайлавіч, РУДЗЕНЯ Вера Андрэеўна, САЛАЎЁВА Кацярына Іванаўна, урокі якой памятаюць усе яе вучні.

Больш за 40 год ў школе працавала настаўніца пачатковых класаў, кавалер ордэна Леніна Фешчанка Марыя Кандрацьеўна. Піянерская дружына нашай школы носіць яе імя.

Настаўніку фізікі, былому дырэктару школы, Зялёнаму Аляксандру Трафімавічу прысвоена ганаровае званне “Заслужаны настаўнік БССР” і “Выдатнік народнай асветы БССР”. Такой жа ўзнагародай адзначана настаўніца хіміі Паўлянкова Соф’я Феадосьеўна, а настаўніцы пачатковых класаў Зялёнай Аляксандры Фёдараўне было прысвоена званне “Выдатнік  народнай асветы СССР”.

На стэндзе здымкі школьнага будынка, педагагічнага калектыву, выпускных класаў, вучняў. На нас з фотакартак глядзяць нашы равеснікі таго ўжо далёкага часу.

Праходзіў час, і школьны будынак, такі прасторны і прыгожы , станавіўся цесным. У раёне былі пабудаваны новыя школы са спартыўнымі  і актавымі заламі, сталовымі, унутранымі прыбіральнямі, ацяпленнем і вадаправодам.

У 1984 г. быў здадзены новы будынак школы: прасторны і светлы, але … халодны.

У школе вучыцца было цікава і раней, і цяпер. У канцы 70-х – пачатку 80- гг. дзейнічала агітбрыгада, актыўнай удзельніцай якой была настаўніца нашай школы  Валюк Часлава Іосіфаўна.

Цікавае і змястоўнае жыццё віравала  ў вытворчай брыгадзе, якая працавала  з 1965 года.  

У 2009 г.  у адпааведнасці з дзяржаўнай праграмай падтрымкі сяла ў Беліцы пачалося абсталяванне аграгарадка, часткай якога стаў капітальны рамонт школьнага будынка. Праз 25 гадоў яе існавання ў школу  прыйшло цяпло.

Толькі атэстаты аб сярэдняй адукацыі атрымалі больш тысячы вучняў, з іх 51 вучань скончыў школу з залатым медалём, а 28 вучняў - з сярэбраным медалём. Гэтыя вучні – гонар нашай  школы. Сярод іх  нашы настаўнікі Клевяда Валянціна Станіславаўна, Дудзіч Раіса Яраславаўна, урач Беліцкай участковай бальніцы Даніловіч Аляксандр Аляксандравіч.

Напэўна , няма такой прафесіі, якой бы не набылі нашы выпускнікі. Ёсць сярод  іх вядомыя  людзі, напрыклад: САРОКА Таццяна Мікалаеўна, прафесар, доктар медыцынскіх навук, МАНТУШ  Уладзімір, намеснік галоўнага  інжынера Брацкай ГЭС, ШЭНДРЫК Уладзімір , галоўны спецыяліст канструктарскага бюро імя Тупалева і інш.

А колькі настаўнікаў, урачоў, інжынераў, спецыялістаў сельскай гаспадаркі, лётчыкаў, маракоў, афіцэраў, юрыстаў выйшлі са сцен нашай школы!

Мы, малодшае пакаленне  школьнікаў,  стараемся прадаўжаць школьныя традыцыі.

 

Шмат ворагаў пабачыла наша мястэчка. Палілі, рабавалі, руйнавалі, забівалі. Але найбольш кровапралітнай і страшнай была Вялікая Айчынная вайна 22 чэрвеня 1941 г. Фашысцкая Германія вераломна, без аб’яўлення вайны, напала на СССР. У першы дзень вайны бамбілі Ліду. У Беліцы былі чутны разрывы бомб, а ноччу былі бачны зарыва пажараў у Лідзе. З першых дзён вайны па дарозе “Гродна – Слонім” і на Ліду сталі адступаць чырвонаармейцы воінскіх часцей, разбітых на граніцы. Яны стараліся ісці ноччу, але бывала ішлі ранкам і днём. Змораныя бесперапынным маршам, абарваныя, галодныя, а часамі параненыя, ішлі на Усход з надзеяй на выратаванне. 29 чэрвеня праз Беліцу на Слонім адступалі салдаты, якія будавалі недалёка ад вёскі Яманты, што ў 5 кіламетрах ад Беліцы, аэрадром. Нямецкія самалёты-выведнікі паведамілі  фашыстам аб адступленні чырвонаармейцаў. Фашысты зрабілі засаду за мурам мясцовых могілкаў. Калі грузавік з чырвонаармейцамі параўняўся, па грузавіку разануў шквальны кулямётны агонь. Чырвонаармейцы аказаліся на адкрытай мясцовасці, але стараліся абараняцца. Некалькі чалавек было забіта, некаторыя схаваліся ў жыта і падаліся ў бок Нёмана, а другія схаваліся ў водаправоднай трубе пад дарогаю. Фашысты іх расстралялі ва ўпор. У гэтым баі было забіта некалькі фашысцкіх салдат. Азвярэлыя фашысты кінуліся ў мястэчка. Тут раздаўся адзіны выстрал. Стралялі хутчэй за ўсё з пажарнай каланчы. Фашысты пачалі вырваць з саломенных стрэх пукі саломы і падпальваць хаты. Хаты гарэлі, як свечкі. Фашысты схапілі на вуліцы больш дзесятка чалавек і сталі расстрэльваць у цэнтры мястэчка, каля сцяны карчмы. Грымнулі стрэлы, пачуліся крыкі параненых. На зямлю сталі падаць забітыя, параненыя і жывыя. Едкі чорны дым паваліў у бок фашыстаў. Яны сталі хавацца ад дыму. А ў гэты час жывыя, дапамагаючы параненым, сталі ровам уцякаць за ваколіцу мястэчка. Параненыя схаваліся ў лазняку  і аеры, а жывыя пабеглі аж на Стары      Нёман.

Беліца гарэла. Зарыва пажару было бачна здалёку. У выніку большая палавіна мястэчка выгарэла датла. Асабліва цэнтральная яго частка, дзе скучана пражывалі яўрэі. Людзі засталіся на папялішчы. А тут фашысты ўводзяць “новы парадак”: яўрэям забаранілі займацца Рамёствамі, гандлем, уступаць у зносіны з іншымі людзьмі. На адзенне загадалі нашыць жоўтыя латкі, так называемыя “Зоркі Давіда”. Забаранялася яўрэям нават хадзіць па тратуары, можна было толькі па праезжай частцы, такім шляхам людзей прыраўнялі да жывёлы. У ліпені фашысты сталі зганяць мужчын-яўрэяў у будынак гміны, які ўцалеў у час пажару. Затым дазволілі родным іх выкупіць. Некаторых выкупілі, другіх, мабыць, не паспелі. 23 ліпеня калонну яўрэяў выгналі з гміны і прагналі скрозь строй салдат. Салдаты дзягамі з бляхамі разбівалі целы, рукі, голавы людзей. Некаторыя ад болевага шоку сталі падаць, але другія іх падтрымлівалі, ратуючы ад расстрэлу. Калонну пагналі ў бок праваслаўнай царквы, дзе былі траншэі  паўразбуранага ціра. Там другія яўрэі, прыгнаныя яшчэ зранку, капалі яму. Ці ведалі яны, што капаюць  сабе і сваім блізкім магілу? Каля царкоўнай агародджы стаялі кулямётчыкі з нацэленымі на яму кулямётамі. Фашысты сталі аддзяляць ад калонны па 5 -7 чалавек і загадвалі бегчы да ямы. У гэты час іх расстрэльвалі кулямётнай чаргой. Калі ўсе былі расстраляныя, мясцовым жыхарам  Качану Івану Усцінавічу, братам Сакалоўскім загадалі хутчэй засыпаць магілу.

 У хуткім часе застаўшыхся яўрэяў вывезлі  ў Дзятлаўскае гета. Пасля вайны засталося толькі некалькі дзесяткаў беліцкіх яўрэяў. У Беліцу вярнулася толькі некалькі сем’яў, ці хутчэй  тых, хто  ад іх  застаўся. Але вельмі хутка яны выехалі, хто ў Еўропу, хто Ў Ізраіль. Засталася толькі адна сям’я Баранчыка Юдаля, якая тут жыла да смерці.

У 1961г. на скрыжаванні дарог Ліда – Слонім і Ліда – Жалудок, на месцы першага бою, быў пастаўлены помнік “Жанчына ў жалобе і суворавец”. Тут жа брацкая магіла загінуўшых воінаў у той бітве, а таксама загінуўшых пазней. Гэта самае святое месцуа ў нашай вёсцы. У 2001г. на месцы расстрэлу яўрэяў іх нашчадкі паставілі помнік. Аутар яго вядомы беларускі скульптар Міхаіл Левін.

На працягу ўсёй вайны ў Беліцы стаялі фашысты. Нейкі час тут размяшчаўся  штаб IV батальёна  Арміі  Краёвай пад камандаваннем Чэслава Заянчкоўскага па мянушцы “Рагнер”. Некаторыя белічане былі ў “белых” другія ў “чырвоных”. Гэта Васілевіч Расціслаў, Дзярбук Аляксандр.

Многія з белічан былі прызваны на службу ў войска польскае яшчэ перад  пачаткам Другой Сусветнай вайны, гэта значыць у час I польскай улады. Шулейка Антон 1911г.н, Бубноўскі Антон Вікенцьевіч 1906г.н. пасля разгрому Польшчы ваявалі ў арміі Андэрса. Шулейка загінуў у 1944г.пад Лярэта, а Бубноўскі вярнуўся пасля вайны дамоў, пазней быў арыштаваны і высланы ў лагер. У Чырвоную Армію ў 1940-1941гг. былі прызваны Гетка Станіслаў Антонавіч і Жыгала Пётр Юзафавіч, якія на другі дзень вайны трапілі ў палон і знаходзіліся ў 315 канцлагеры для ваеннапалонных. Рысік Людвіг таксама ў канцы 1941г. трапіў у палон пад Торнам, асабісты канцлагерны №564199. Шмукста Іосіф Іванавіч у1943г. прапаў без вестак. Доўгі час аб ваеннапалонных, прапаўшых стараліся маўчаць.

Пасля вызвалення Беларусі ў 1944-1945гг. з Беліцкага сельскага савета было прызвана ў Чырвоную Армію 111 чалавек, 47 з іх – жыхары Беліцы. Нашы землякі вызвалялі Літву, Польшчу, Чэхаславакію, Венгрыю і Румынію. Многія з іх удзельнічалі ў вядомых гістарычных бітвах: фарсіравалі Одэр і Нейсе, змагаліся на Сандамірскім плацдарме. Многія прымалі ўдзел у Берлінскай аперацыі. Былі раненыя, кантужаныя, загінуўшыя. Усе ветэраны-землякі ўзнагароджаны падзячнымі пісьмамі Сталіна, медалямі. Тры воіны: Анашкевіч Васіль Якаўлевіч, Белкаў Мікалай Аляксандравіч, Міхалькевіч Сцяпан Васільевіч узнагароджаны ордэнам “Чырвонай Зоркі” – высокай баявой узнагародай.

У музейнай калекцыі самыя дарагія экспанаты – гэта медалі ветэранаў. Ёсць легітымацыі “аўсвайсы”, якія выдаваліся акупіраванаму насельніцтву. Ёсць нямецка-рускія і руска-нямецкія размоўнікі, якія выкарыстоўваліся для зносін з усходнімі рабочымі-рабамі.

Вучні нашай школы ўшаноўваюць памяць загінуўшых.