РУС БЕЛ ENG

Проект “История. Память. Будущее” “Памяти жертв Холокоста”

Успаміны пра Халакост

“Помні, не забывай!”

 

 

Тревожит сердце слово “Холокост”,

И хочется от грусти просто плакать,

Не утирая с глаз горячих слёз.

 

День скорби, памяти, печали,

Он носит имя Холокост.

                                                        Сегодня люди вспоминают

                                                        Ту боль , ужасную до слёз.

 

 

(паводле ўспамінаў старажылаў  в. Беліца)

 

На працягу больш як пяці стагоддзяў у нашай вёсцы, Беліца, жылі яўрэі, разумны і таленавіты народ. Яны займаліся рамяством і гандлем. Дзякуючы ім, наша вёска на працягу многіх стагоддзяў была мястэчкам. Мястэчка ад польскага слова “място”, што значыць горад. Гэта былі лепшыя часіны ў гісторыі вёскі.

У 1939 годзе ў Беліцы было 100 яўрэйскіх хат, у якіх пражывала каля 700 чалавек, што складала трэцюю частку насельніцтва. Яўрэі жылі на палове вуліцы Лідскай, на вуліцы Гейбовіча (цяпер Чырвонаармейская). Яны займалі цэнтральную частку вуліцы Нёманскай, а вось на рынку, у цэнтры былі толькі яўрэйскія хаты, якія так цесна туліліся адна да адной, што паміж імі  цяжка было  прайсці нават  чалавеку.

             Яўрэі ўносілі свой каларыт у местачковае жыццё. Нездарма ў народзе казалі: “Бяліца – яўрэйская сталіца”.

Усе было як заўсёды, як было сто – дзвесце год таму назад. Так, здаецца,  будзе вечна, але газеты, што прыходзяць на мясцовую пошту, нясуць трывожныя весткі. Фашысты пабудавалі ў Германіі канцлагеры для знішчэння  яўрэйскага насельніцтва: Дахау, Заксен-хаузен, Бухенвальд. У 1938 годзе ў ноч з 9 на 10 лістапада ў Германіі прайшлі масавыя пагромы яўрэйскага насельніцтва.  Гэтая ноч увайшла ў гісторыю пад назвай “Крыштальная”. З  Германіі і Аўстрыі ўжо ўцякло больш за 330 тысяч яўрэяў. Ёсць звесткі, што яўрэям у Германіі забаронена займацца юрыспрудэнцыяй, выкладчыцкай дзейнасцю, гандлем і многім іншым, так званая забарона на прафесію. Ад гэтых навін на душы становіцца неяк трывожна. Але Германія далёка, а ў мястэчку жыццё ідзе сваім спрадвечным ходам. Чароўныя гукі музыкі запаўняюць школьны двор, мястэчка і нясуцца далека за яго ваколіцы. Як Нёман нясе свае воды, так і гукі музыкі плывуць насустрач заўтрашняму дню, насустрач будучыні…

 А будучыня была трывожнай, страшнай, бесчалавечнай…

1 верасня 1939 года Германія напала на Польшчу.  Пачалася другая сусветная вайна. 17 верасня Чырвоная Армія ўвайшла на тэрыторыю Заходняй Беларусі. У хуткім часе Заходняя Беларусь была далучана да СССР.   Некаторая частка яўрэяў мела нават надзеі на лепшае будучае. У гэтай трывожнасці, няўпэўненасці скончыўся 1939 год,  прайшоў 1940, пачаўся 1941…

 22 чэрвеня фашысцкая Германія без аб’яўлення вайны напала на Савецкі Саюз. У першыя дні вайны  бамбілі Ліду. Зарыва выбухаў было добра бачна ў Беліцы. 

              28 чэрвеня 1941 года ў напрамку на Слонім адступалі чырвонаармейцы  Шчучынскага аэрадромнага палка, якія будавалі аэрадром у пяці кіламетрах ад Беліцы, каля вёскі Яманты. А ў мястэчку ўжо былі немцы. Яны зрабілі засаду за мурам каталіцкіх могілак, каб перакрыць дарогу на Слонім і Ліду адначасова. Сын Меера Баранчыка на кані памчаўся насустрач чырвонаармейцам і папярэдзіў іх. Але  ў іх не было іншага выйсця, таму  яны вырашылі прабіцца з боем. Калі машына з чырвонаармейцамі параўнялася з могілкамі, па ёй разануў шквальны кулямётны агонь фашыстаў. Разгарэўся бой. Цягнуўся ён нядоўга, можа паўгадзіны. У той момант здавалася, што час спыніўся. У тым баі загінулі дзевяць савецкіх воінаў і чатыры фашысты, астатнія чырвонаармейцы ўцяклі і жытам на-кіраваліся да Нёмана.

         Азвярэлыя фашысты запоўнілі мястэчка. Раптам раздаўся адзіны выстрал, стралялі  хутчэй за ўсё  з пажарнай каланчы. Адразу ж фашысты сталі граміць усё, што трапляла пад руку. Вырывалі з саламяных стрэх пукі саломы і падпальвалі хаты. Сухія саламяныя стрэхі гарэлі, як свечкі. Немцы схапілі першых папаўшыхся васемнаццаць маладых мужчын. Сярод іх былі і яўрэі. Схопленых паставілі з аднаго боку вуліцы ў рыштоку, з другога боку стаялі фашысцкія кулямётчыкі. Пачулася першая чарга, за ёю крыкі, енк, упалі забітыя, параненыя і жывыя. Забіта было сем чалавек. Густы едкі дым зацягнуў усю вуліцу, фашысты хаваліся ад дыму, а жывыя і параненыя ўцяклі пад покрывам дыму ў бок Нёмана. Раненыя  Шымановіч  Лейзар, Шмулька, Стоцкі Есель, а таксама Ясюлевіч Юзаф, Качан Уладзіслаў схаваліся на выгане за ваколіцай. Пазней медыцынскую дапамогу ім аказаў Клячка.  Тыя ж,  хто не быў ранены, уцяклі аж на Стары Нёман, але і адтуль было бачна зарыва пажару, чуліся кулямётныя чэргі.

 Увесь вечар   і  цэлую ноч  бушаваў пажар. Большая палавіна мястэчка выгарэла, цэнтр, дзе кампактна пражывала яўрэйскае насельніцтва, быў знішчаны агнём амаль поўнасцю. У адно імгненне людзі пазбавіліся вякамі нажытага дабра. Ды мала таго  што дабра, жыцця… Некаторыя  яўрэі, застаўшыся без прытулку, адразу паехалі да сваякоў у Жалудок, Дзятлава, Ліду.

Хутка немцы загадалі яўрэям нашыць на адзенне жоўтыя ласкуты, зоркі Давіда, памерам 10 на 10 сантыметраў. Адну зорку на спіну, другую на левую частку грудзей. Ім забаранілі пакідаць мястэчка, хадзіць па тратуары. Яны маглі хадзіць толькі па цэнтральнай частцы вуліцы разам з коньмі: так акупанты прыраўнялі людзей да жывёлы. Яўрэям забаранялася без спецыяльнага дазволу паказвацца на вуліцы, уступаць у кантакт з людзьмі ін-шых нацыянальнасцей: размаўляць з імі,  наведваць хаты местачкоўцаў, гандляваць, гэта значыць, яўрэйскае насельніцтва пазбаўлялася самага элементарнага – сродкаў існавання. Гэта быў страшны здзек над чалавечай асобай. 

Старыя, вельмі набожныя яўрэі Гінда і Янкель, бачачы такі здзек, казалі, што Гітлера Бог паслаў за чалавечыя грахі. Але ў чым віна цэлага народа?

              У канцы ліпеня фашысты правялі аблаву на  яўрэяў. Схопленых маладых мужчын, некалькі дзесяткаў, загналі ў будынак гміны, які ўцалеў пасля пажару. На вокнах немцы паставілі жалезныя краты, у дзвярах – вартавых. Затым яны дазволілі яўрэям выкупляць сваіх блізкіх. Некаторых выкупілі, другіх, мабыць, не паспелі. Праз некалькі дзён фашысты  выстраіліся перад касцёлам дзвюма шарэнгамі, утварыўшы жывы калідор. Знялі дзягі. У гэты момант з гміны, якая знаходзілася побач з касцёлам,  вывелі  яўрэяў і па аднаму сталі праганяць праз салдацкі строй. На целы ні ў чым не павінных людзей пасыпаліся адзін за другім удары.  Клямары салдацкіх дзягаў рассякалі голавы, твары, рукі, плечы. Некаторыя ад болевага шоку не маглі дайсці да канца шарэнгі. Яны падалі, але другія, хто яшчэ мог трымацца на нагах, падхоплівалі пакутнікаў. Целы людзей ператварыліся ў крывавае месіва. Гэта было жахлівае відовішча.

 А ў другім канцы мястэчка фашысты здзекаваліся з равіна Шабтая Файна. Яны застаўлялі яго мыць капыты коням, пры гэтым равіна жорстка збівалі. Імгненна пасівеўшы, чалавек часта траціў прытомнасць. Тут жа знаходзіліся жонка равіна і яго дачка Ана. У іх на вачах гінуў самы дарагі і блізкі чалавек.  Жанчыну застаўлялі чэрпаць ваду з калодзежа і адліваць беспрытомнага мужа. Калі Файн паднімаўся, высокі, ў белай кашулі, залітай крывёю, фашысты зноў пачыналі яго катаваць.

Ад  гміны  ў напрамку праваслаўнай царквы гналі змардаваных людзей. Сярод іх быў і Клячка Рубін, які лячыў, ратаваў ад хвароб, смерці многіх людзей. Яго ўратаваць не было каму. Да калоны вязняў выгналі равіна. Вось калона параўнялася з царквой. У метрах шасцідзесяці ад яе знаходзілася траншэя паўразбуранага ціра, дзе некалькі мясцовых  яўрэяў ( фашысты прыгналі іх сюды яшчэ зранку)  капалі яму. Ці здагадваліся яны, што капаюць сабе і сваім аднавяскоўцам магілу?

 Каля царкоўнай агароджы знаходзіліся нямецкія салдаты з нацэленымі на яму кулямётамі.  Фашысты з калоны адабралі пяць ці сем чалавек і загадалі бегчы да ямы. Калі людзі  пабеглі,  адразу ўдарылі кулямётныя чэргі. Наступную групу аддзялілі і піхнулі таксама ў бок ямы. Потым яшчэ… Праз некаторы час страляніна закончылася.  

Мясцовым жыхарам Качану Яну, братам Сакалоўскім далі ў рукі рыдлёўкі і загадалі засыпаць яму.  Нямецкія салдаты пачалі  разыходзіцца, калі  адна з ахвяр падняла галаву, застагнала. Забойцы вярнуліся. Паўскідвалі свае карабіны і зрашацілі ўсю яму. Зноў загадалі засыпаць і хутчэй!

                 Не спадзеючыся ўжо ні на што, некаторыя яўрэйскія сем’і сталі тайна ўцякаць за Нёман. У лесе яны бачылі сваё выратаванне. Другая частка спадзявалася, што расстраляўшы 36 чалавек, фашысты супакояцца. Але спадзяванні іх былі дарэмнымі. Застаўшыхся неўзабаве пасля расстрэлу перавезлі ў Дзятлаўскае гета. Умовы існавання ў гета былі невыноснымі. Найбольш смелыя і рашучыя вырашылі ўцячы. Яны сталі ладзіць падкоп. Ка-лі многамятровы ход быў гатовы, частка вязняў вырвалася з гета. Астатніх неўзабаве пагналі ва ўрочышча “Бурты”,  да месца масавага знішчэння. Людзі ведалі, што іх чакала наперадзе. Ад жаху многія трацілі розум.

Сярод збеглых былі сем’і братоў Баранчыкаў, Еселевіча, Амстыбавіцкага, Злацоўскага, Краснасельскага і  іншых. Адны з іх накіраваліся ў Налібоцкую пушчу, дзе дзейнічалі сямейныя партызанскія атрады Шалома Зорына і Туўі  Бельскага, якія налічвалі па некалькі соцень чалавек. У іх  у асноўным былі жанчыны, дзеці, старыя. Мужчын было мала. Па дарозе ў пушчу  яўрэяў лавілі, рабавалі, забівалі. У партызанскім атрадзе імя Шчорса самым адважным партызанам лічылі школьнага настаўніка фізікі і матэматыкі Зораха Крэменя,  сына беліцкага аптэкара.

Частка  ўцекачоў накіравалася лесам у бок Беліцы. Яны спыніліся на левым беразе Нёмана. Доўгія тры гады ім прыйшлося выжываць у нечалавечых умовах: без жылля,  у голадзе, пастаянным страху. У лесе яны выкапалі акопы-зямлянкі, выслалі іх лапнікам і мохам, адтуліну-уваход маскіравалі выкапанымі з комам зямлі маладымі хвойкамі.

Немцы з самага пачатку абвясцілі, што ўкрыццё і дапамога яўрэяўм будзе карацца смерцю.

А дзе браць ежу?  Голад быў вечным спадарожнікам іх ляснога жыцця. Людзі вымушаны былі ісці ў вёскі прасіць хлеба. Гэтыя паходы часта заканчваліся пагібеллю. Фашысты, а пазней і акаўцы, рабілі засады, вылоўлівалі яўрэяў. Ісці патрэбна было толькі да надзейных людзей, якія не выдадуць, якія дапамогуць, падзеляцца апошнім.

Да Ясюлевіча Юзафа і Бярнарды часта прыходзілі дзеці Еселевіча Зямы, Баранчыка Юдаля. Рызыкуючы жыццём, сям’я Ясюлевічаў дапамагала яўрэям. Часта дзеці былі такія галодныя, такія замёрзшыя, што іх трэба было спачатку адагрэць, а потым выпраўляць назад у лес. Тады гаспадыня карміла “гасцей”, засаджвала дзяцей на печ, а сама вартавала, бо ў Беліцы ўсю вайну стаяў нямецкі гарнізон.  Калі-нікалі прышэльцы ў яе мыліся. Здаецца, такая неабходная санітарная працэдура, але і  той людзі былі пазбаўлены. Часцей Барнарда загадзя рыхтавала кусок хлеба, торбачку мукі, крупы, гародніну і клала яду ў спецыяльны тайнік за  хлявом.

Баранчык Бася з маленькім Айзікам прыходзіла да Цітавіцкай Саламеі і Антона. Хлопчыка жанчыны купалі, кармілі, і гаспадыня клала малога на ложак побач з сабой. Не адпусціш жа распаранага малога на мароз, на сцюжу.

Вялікую дапамогу яўрэям аказвала сям’я Канапёлкі Баляслава Паўлавіча (1893 г.н.) і Адальфіны Іванаўны (1895 г.н.). Сям’я, якая ахваравала сабой, але не адказала яўрэйскай сям’і Баранчыка Юдаля Айзехавіча, што складалася  з шасці чалавек ( маці, бацька, чацвёра дзяцей), і захавала ім жыццё.

Разам з другімі яўрэямі сям’я  Баранчыка Юдаля жыла ў акопе-зямлянцы, але іх меншы сын  Айзік увесь час плакаў,чым ствараў пагрозу для усіх. Бацькам было прапанавана  пакінуць сховішча. Забраўшы старэйшых дзяцей, яны пайшлі ў бок лесу. Сям’я Канапёлкаў з сынамі, Вацлавам,1922 года нараджэння, і  Казімірам, 1928 года нараджэння, жыла на хутары, за два кіламетры ад Беліцы. Падысці да хутара можна было толькі лесам. Так сям’я Баранчыка Юдаля апынулася на хутары Канапёлкаў. Прагнаць змораных, галодных, плачучых дзяцей не змаглі. Хавалі іх на і гарышчы, і ў лесе, і ў стозе сена. Так і жылі да канца вайны, калі гэта магчыма назваць жыццём,  рызыкуючы кожны дзень сваім жыццём і жыццём сваіх дзяцей. У адзін з такіх дзён сям’я   была на “валаску” ад смерці. Магчыма, хтосьці ішоў лесам і бачыў яўрэяў на хутары, а магчыма, спецыяльна  сачылі  за  хутарам і данеслі фашыстам, сказаць цяжка. Фашысты не заставілі сябе чакаць. З’явіўшыся на хутар,  вывелі ўсіх з хаты, паставілі каля плоту і падрыхтаваліся страляць, але неўзабаве памянялі свае планы, іх спугнула звестка аб  савецкіх салдатах, якія знаходзіліся недалёка. Сям’я Баранчыка Юдаля ўвесь гэты час знаходзілася на гарышчы. Немагчыма перадаць словамі, што ў гэты момант перажыла сям’я Канапёлкаў.

Канапёлку Вацлаву прысвоена ганаровае званне “Праведнік свету”.

Расстраляўшы значную частку вязняў Дзятлаўскага гета, сярод якіх было многа нашых землякоў, застаўшыхся ў жывых перавезлі ў Лідскае гета. Сярод іх былі Стоцкая Фейге з дочкамі Перлай і Рэсяй і сынам Аўсеем, Краснасельская Дора, Крэмень Мордух, магчыма, і іншыя.  Яны загінулі ў Лідзе.

                 Нарэшце скончылася ваеннае ліхалецце. З сяміста беліцкіх яўрэяў удалося ўцалець толькі дзесьці шасцідзесяці. Але і пасля вызвалення Беларусі яўрэйская трагедыя не закончылася. Многія ўцалелыя партызаны-яўрэі былі прызваны ў  Чырвоную Армію і загінулі на фронце. Сярод іх белічанін сяржант Злацоўскі Якаў Ізраілевіч, які загінуў у баі    1 мая 1945 года і пахаваны ў г. Сафіенхоры ў Германіі. Як цяжка паміраць у дваццаць год за  дзевяць дзён  да Перамогі!

                 У Беліцу пасля вайны вярнулася некалькі сем’яў. Гэта сем’і Баранчыкаў, Шымановіча. У 1944 – 1947 гадах Баранчык Рыва Меераўна працавала сакратаром сельскага Савета. Іцка Юдалевіч Баранчык працаваў у Лідскім аддзеле ўнутраных спраў. У 1948 годзе сем’і  Ніселя і Меера Баранчыкаў, Шымановіча і яшчэ некалькі яўрэяў выехалі ў Ізраіль. У Беліцы засталася толькі сям’я Баранчыка Юдаля. Яго хата ўцалела ў час вайны. Жыццё было цяжкае, таго прывычнага занятку, укладу жыцця не стала. Юдаль і Бася былі ўжо не маладыя людзі, каб нешта карэнным чынам памяняць у жыцці. Захварэлі і заўчасна памерлі іх сыны Іцка і Айзік, з-за ўсяго перажытага страціла розум Бася. Яна да самай смерці не ведала аб лёсе сваёй дачкі Іткі, якая яшчэ да вайны выйшла замуж і выехала ў Канаду. І толькі пасля смерці Басі з Канады прыйшло доўгачаканае пісьмо. Праз некаторы час памёр Юдаль, апошні беліцкі яўрэй.

Нямногія беліцкія яўрэі, што засталіся ў жывых, воляй лёсу раскіданыя па ўсім свеце,  іх нашчадкі  ў  ліпені 1999 годзе сабраліся ў Беліцы на адкрыццё помніка яўрэям, ахвярам   Халакосту. Гэта Рыва Баранчык, Амстыбавіцкі Майсей, унук Стоцкай Фейге – Лейба, якія прыехалі з Ізраіля, Сакалоўская Перла – з Расіі, Еселевіч Майсей – з Амерыкі. Яны разам з жыхарамі вескі ўшанавалі памяць  расстраляных, замучаных, закатаваных, пакланіліся магілам сваіх продкаў.

Сапраўды, хочацца спадзявацца, што такое ўжо не напаткае нікога і ніколі, што пра гэта будуць напамінаць помнікі і парады ў гонар вызвалення ад фашыстаў. Дзеля тых, хто не дажыў, дзеля тых, хто вынес страшэнныя мукі, дзеля тых, хто жыве сёння.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

                                                                 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Адкрыццё помніка яўрэям, расстраляным  23.07.1941 г.,  в.Беліца        

Змяніла свой воблік Беліца. На месцы яўрэйскіх хат пабудаваны дамы сяльчан. Змянілася многае. Са стратай яўрэйскага насельніцтва мястэчка стала звычайнай вёскай. Толькі вялікія яўрэйскія могілкі з надмагільнымі камянямі, помнік на месцы расстрэлу і некалькі ўцалелых  хат нагадваюць аб колішнім жыцці  яўрэяў у нашай вёсцы. А яшчэ -  успаміны старажылаў…

 

 

Літаратура

Кніга Памяць:Ліда. Лідскі раён: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / Рэдкал.: В.Г.Баранаў і інш. - Мню:, Беларусь, 2004. - С.208

Сліўкін Валеры.  Знішчэнне Лідскіх яўрэяў  //Лідскі Летапісец. -  2002. - № 2. - С. 23 – 28.

Успаміны Канапёлкі А.В.,унучкі Канапёлкі Б.П.

Матэрыялы школьнага  гісторыка-этнаграфічнага музея “Спадчына”: краязнаўчая даследчая работа “Вырваная старонка” /Успаміны жыхароў в. Беліца:  ШУЛЕЙКА Ядвігі Баляславаўны, ДЗЯРБУК Антаніны Адольфаўны, ЯСЮЛЕВІЧ Бярнарды Юзэфаўны, КАЧАН Ядвігі Вікенцьеўны, КАЧАНА Яна Юстынавіча/ Кіраўнік Заянчкоўская С.А

.

Помнік 36 яўрэям, жыхарам в. Беліца, расстраляным фашыстамі23 ліпеня 1941 годаПастаўлены  7 ліпеня 1999 года

 

Надпись на памятникe:

а) на русском языке:

Вечная память евреям Белицы, расстрелянным фашистами 23.07.1941 г.

б) на английском языке:

In memory of the 36 Jewish martyrs including Rabbi Shabtai Fein from Belica, who perished in the Holocaust on July 23, 1941.

“May their memory be blessed for ever”

Presented by Richard and Belly Simon and Family formerly Shymanovicz from Belica(July 7, 1999)