РУС БЕЛ ENG

Школа вчера , сегодня , завтра...

 

Школа вчера...

Гісторыя адукацыі ў Беліцы – адна з самых яркіх старонак яе жыцця. Калі тут узніклі першыя навучальныя ўстановы – цяжка сказаць. Вядома, што школа была пры кальвінісцкім зборы ў ХVІ стагоддзі. Таксама ёсць звесткі аб 6-класнай парафіяльнай школе пачатку ХІХ ст.

У 1864 г. у Расійскай дзяржаве, у склад якой уваходзілі землі Беларусі, у выніку буржуазных рэформ было адкрыта народнае вучылішча. Праўда, царскі міністр асветы Шышкоў гаварыў: “Обучать грамоте весь народ  или несоразмерное число одного количества людей, принесло бы больше вреда, чем пользы.” Аднак краіне патрэбны былі адукаваныя людзі. У гэтычас у Лідскім павеце на 1000 чалавек прыходзілася ўсяго 16 граматных мужчын, а жанчын – толькі  2.

У 70-х – 90-х гг. ХІХ ст. у Беліцкай воласці былі адчынены  царкоўна-прыхадскія школы пісьменства амаль ва ўсіх вёсках.

Навучальны год у той час пачынаўся пасля свята Пакроў, у другой палавіне кастрычніка, а заканчваўся вясной, калі патрэбна было выганяць скаціну ў поле, бо вучні былі яшчэ і пастушкамі дамашняй жывёлы. Зімой наведвальнасць заняткаў была нізкай: дзецям часта не было чаго адзець і абуць.

У Беліцкім народным вучылішчы напрыканцы ХІХ ст. налічвалася каля 100 дзяцей. Вядома, што ў 1894 г. вучыліся 72 хлопчыкі і адна дзяўчынка. Як бачна, жаночая адукацыя не карысталася попытам. Дзяўчынкі павінны былі дапамагаць бацькам гадаваць меншых братоў і сясцёр, прасці, ткаць, клапаціцца па гаспадарцы.

У 1921 г. па Рыжскаму міру землі Заходняй Беларусі пераходзяць да Польшчы. У гэтым жа годзе польскія ўлады адкрываюць пачатковую польскую школу, потым яна стала сямігадовай. У калекцыі музея ёсць дакументы    аб заканчэнні сямігадовай польскай школы. У мястэчку была яшчэ пачатковая яўрэйская школа.

Адразу ж пасля выгнання фашысцкіх акупантаў у 1944 г. у Беліцы адкрываецца пачатковая школа. У 1945 – 1946 навучальным годзе ў ёй займаліся180 вучняў. Вельмі многія з іх былі пераросткамі, таму што ў час вайны не мелі магчымасці вучыцца. Першымі настаўнікамі былі ЛАГОНДА Васіль Пятровіч,  ФЕШЧАНКА Марыя Кандрацьеўна, НЯМІРА Надзея Мікалаеўна.

У 1947 г. пачатковая школа была ператворана ў сямігадовую, першы выпуск якой адбыўся ў 1950 г. Першым дырэктарам школы быў  Пушчаенка М.Д.

У 1952 г. пачалося будаўніцтва цаглянай двухпавярховай школы. Вялікую дапамогу ў будаўніцтве новай школы аказвалі бацькі вучняў.

У 1953 г. адбыўся першы выпуск сярэдняй школы: 13 выпускнікоў атрымалі атэстаты сталасці. Будаўніцтва школьнага будынка было завершана ў 1955 г. Гэта быў вялікі, светлы і ўтульны будынак, сапраўдны храм навукі. Многія тагачасныя вучні лічылі за вялікае шчасце вучыцца ў ім. У школе працаваў малады, творчы калектыў настаўнікаў. Сярод іх УРБАН Канстанцін Міхайлавіч, РУДЗЕНЯ Вера Андрэеўна, САЛАЎЁВА Кацярына Іванаўна, урокі якой памятаюць усе яе вучні.

Больш за 40 год ў школе працавала настаўніца пачатковых класаў, кавалер ордэна Леніна Фешчанка Марыя Кандрацьеўна. Піянерская дружына нашай школы носіць яе імя.

Настаўніку фізікі, былому дырэктару школы, Зялёнаму Аляксандру Трафімавічу прысвоена ганаровае званне “Заслужаны настаўнік БССР” і “Выдатнік народнай асветы БССР”. Такой жа ўзнагародай адзначана настаўніца хіміі Паўлянкова Соф’я Феадосьеўна, а настаўніцы пачатковых класаў Зялёнай Аляксандры Фёдараўне было прысвоена званне “Выдатнік  народнай асветы СССР”.

На стэндзе здымкі школьнага будынка, педагагічнага калектыву, выпускных класаў, вучняў. На нас з фотакартак глядзяць нашы равеснікі таго ўжо далёкага часу.

Праходзіў час, і школьны будынак, такі прасторны і прыгожы , станавіўся цесным. У раёне былі пабудаваны новыя школы са спартыўнымі  і актавымі заламі, сталовымі, унутранымі прыбіральнямі, ацяпленнем і вадаправодам.

У 1984 г. быў здадзены новы будынак школы: прасторны і светлы, але … халодны.

У школе вучыцца было цікава і раней, і цяпер. У канцы 70-х – пачатку 80- гг. дзейнічала агітбрыгада, актыўнай удзельніцай якой была настаўніца нашай школы     Валюк Часлава Іосіфаўна.

Цікавае і змястоўнае жыццё віравала  ў вытворчай брыгадзе, якая працавала  з 1965 года.  

У 2009 г.  у адпааведнасці з дзяржаўнай праграмай падтрымкі сяла ў Беліцы пачалося абсталяванне аграгарадка, часткай якога стаў капітальны рамонт школьнага будынка. Праз 25 гадоў яе існавання ў школу  прыйшло цяпло.

Толькі атэстаты аб сярэдняй адукацыі атрымалі больш тысячы вучняў, з іх 51 вучань скончыў школу з залатым медалём, а 28 вучняў - з сярэбраным медалём. Гэтыя вучні – гонар нашай  школы. Сярод іх  нашы настаўнікі Клевяда Валянціна Станіславаўна, Дудзіч Раіса Яраславаўна, урач Беліцкай участковай бальніцы Даніловіч Аляксандр Аляксандравіч.

Напэўна , няма такой прафесіі, якой бы не набылі нашы выпускнікі. Ёсць сярод  іх вядомыя  людзі, напрыклад: САРОКА Таццяна Мікалаеўна, прафесар, доктар медыцынскіх навук, МАНТУШ  Уладзімір, намеснік галоўнага  інжынера Брацкай ГЭС, ШЭНДРЫК Уладзімір, галоўны спецыяліст канструктарскага бюро імя Тупалева і інш.

А колькі настаўнікаў, урачоў, інжынераў, спецыялістаў сельскай гаспадаркі, лётчыкаў, маракоў, афіцэраў, юрыстаў выйшлі са сцен нашай школы!

Мы, малодшае пакаленне  школьнікаў,  стараемся прадаўжаць школьныя традыцыі.

Школа сегодня ...

КНИГА ПАМЯТИ